У далёкім 1992 годзе незалежная Беларусь усталявала дыпламатычныя адносіны з Германіяй, і ў Бон — тагачасны яе цэнтр — адправіўся першы пасол нашай краіны за мяжой. Ім стаў апазіцыйны дэпутат Пётр Садоўскі. Пасля, у 2000-х, ён напісаў мемуары «Мой шыбалет», дзе расказаў пра змаганне з чыноўніцкай карупцыяй, адносіны з наменклатурай і вечарынкі з кіраўніком КДБ, выжыванне пасольства за мяжой без грошай у адным памяшканні з расійскімі дыпламатамі і іншыя перыпетыі палітычнага жыцця першай паловы 90-х. Пераказваем самае цікавае.
Пётр Садоўскі нарадзіўся ў 1939 годзе на Полаччыне. Скончыў Мінскае сувораўскае вучылішча і Мінскі педінстытут замежных моў. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па філалогіі. Працаваў выкладчыкам у ВНУ. У 1990-м быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета і стаў сябрам апазіцыйнай фракцыі Беларускага народнага фронту. У тым жа годзе стаў старшынёй камісіі па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях, а таксама членам прэзідыума ВС. З чэрвеня 1992 па лістапад 1994 года — надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Германіі. Да пачатку 1996 года заставаўся дэпутатам парламента, удзельнічаў у легендарнай галадоўцы дэпутатаў, якія імкнуліся супрацьстаяць усталяванню дыктатуры. Пасля займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Пётр Садоўскі жыве ў Мінску, цяпер яму 87 гадоў.
Аўтар мемуараў выкарыстоўваў класічны правапіс беларускай мовы — мы пакідаем яго без змен.
Спевы са старшынёй КДБ
У 1990-м у Беларусі, яшчэ савецкай рэспубліцы, выбары ў парламент — Вярхоўны Савет XII склікання — упершыню прайшлі на альтэрнатыўнай аснове. Беларускі народны фронт, найбуйнейшы апазіцыйны рух краіны, змог правесці туды каля 30 сваіх прадстаўнікоў (з 360 месцаў). Адным з іх быў Пётр Садоўскі, тады дацэнт кафедры беларусістыкі педынстытута (цяпер Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка).
На выбарах яму супрацьстаялі пяцёра чалавек, у тым ліку алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь і пісьменнік Эдуард Скобелеў, які тады працаваў у апараце кампартыі Беларусі (пазней — у Адміністрацыі прэзідэнта). «Усе каманды супернікаў, акрамя скобелеўцаў, паводзілі сябе прыстойна. Скобелеўцы малявалі на маіх плякатах зорку Давыда і пісалі па дыяганалі — „Сіяніст“, згадвалі прозьвішча маёй маці — Фрыдрых», — пісаў мемуарыст. А вось алімпійскі чэмпіён паводзіў сябе вельмі прыстойна і ні разу не сказаў пра Садоўскага нічога кепскага, а пасля яго перамогі нават знайшоў для канкурэнта добрыя словы.
У парламенце Садоўскі нечакана стаў начальнікам: у выніку кампрамісу яго выбралі старшынёй камісіі па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях (праўда, далі двух намеснікаў з ліку наменклатуры). Дзякуючы гэтаму Пётр аўтаматычна стаў членам прэзідыума Вярхоўнага Савета — вузкага кола кіраўнікоў парламента.
На новай пасадзе Садоўскі сутыкнуўся з тым, што няма ані інфармацыі пра знешні гандаль, ані належнага кантролю над ім. «Фактычна адсутнічала дзяржаўная мяжа і не было нарматыўных актаў. Усё цякло паводле часовых пастановаў Савету міністраў», — пісаў ён. Дэпутату давялося здабываць звесткі пра ход імпарту і экспарту неафіцыйна, праз мытню, дзе працаваў яго колішні студэнт, і таксама праз старшыню КДБ Эдуарда Шыркоўскага.
«Псыхалягічна кантактаваць з Шыркоўскім было няцяжка. Я разумеў, што чалавек ён абсалютна закрыты, няшчыры, і таму я не абцяжараваў сябе спробамі зблізіцца ці разбудаваць сяброўскія адносіны. Для мяне было галоўнае — атрымаць неабходную інфармацыю», — пісаў Садоўскі. Кіраўнік КДБ ахвотна садзейнічаў.
«Фармальна нашыя адносіны былі выдатныя. Памятаю, на Дзень незалежнасьці Украіны, што адзначаўся ў Таварыстве дружбы [народаў], <…>, пасьля афіцыйнай часткі на сяброўскай вячэры Ўладзімер Ягораў (міністар унутраных справаў), Шыркоўскі і я сьпявалі ў трыё беларускія народныя песьні. Міністар Ягораў пры гэтым як баяніст забясьпечваў музычны акампанэмэнт. … У Шыркоўскага быў добры нізкі голас», — згадваў будучы дыпламат.
Карупцыя праз бартар
На сваёй пасадзе Садоўскі хутка ўбачыў маштабы карупцыі ў краіне ў пачатку 90-х.
Напрыклад, тады на базе міністэрстваў ствараліся канцэрны і прамыслова-вытворчыя аб’яднанні. З дапамогай Шыркоўскага дэпутат разбіраўся з аб’яднаннем «Усход», зарэгістраваным на Магілёўшчыне. Сярод яго заснавальнікаў былі прэм’ер Вячаслав Кебіч, віцэ-прэм'ер Мікалай Косцікаў, старшыня Магілёўскага абкама партыі Васіль Лявонаў. Кіраўніцтва аб’яднання атрымала ад ураду дазвол у дадатак да афіцыйнага заробку выпісваць — у тым ліку сабе ж — штомесячныя бонусы да 250 долараў (цяпер гэта больш за 600 долараў). Тады гэта была вялізная сума, большая нават за заробак кіраўніка дзяржавы (Станіслаў Шушкевіч, заняўшы гэтую пасаду, атрымліваў да 100 долараў). Ніякага кантролю над гэтым з боку ўлад не было. «Так акумуляваўся першы дзяржаўна-прыватны капітал», — каментуе Садоўскі.
Хутка зарабіць можна было і праз стварэнне сумесных прадпрыемстваў з замежнымі інвестарамі, з якімі практыкаваўся бартар. З беларускага боку бартарным экспартным таварам звычайна былі калійныя і азотныя ўгнаенні, нафта, бензін, лес. Дазвол на іх вываз за мяжу па бартары маглі даць каля дзясятка асоб: прэм’ер, яго намеснікі, міністр знешнеэканамічных сувязяў і некаторыя начальнікі саўмінаўскіх упраўленняў. Пры гэтым — норма дзейнічала яшчэ з савецкіх часоў, каб не дапускаць разбазарвання народнага майна, — мусіла быць дэталёвая дакументацыя: што вывозіцца, колькі гэта каштуе, што будзе атрымана ўзамен, ад каго, калі і гэтак далей.
Але аднойчы Садоўскаму ў рукі трапіла тыповая разавая ліцэнзія, падпісаная віцэ-прэм'ерам. У ёй не былі прапісаныя ані назва партнёрскай фірмы, ані ўліковая цана тавару, які вывозіцца, ані від сустрэчнага тавару, ані тэрмін яго паступлення ці спосаб і месца пастаўкі. Фактычна атрымальнік такой ліцэнзіі мог узяць, скажам, тысячу кубоў дрэва ў лясгаса, вывезці яго за мяжу і прадаць любым спосабам па любой цане, а грошы пакласці сабе ў кішэню.
Таксама, як пісаў дэпутат, улады дазвалялі сабе рэзка змяняць курс рубля. «Можна нават было складаць пэўныя графікі залежнасьці курсу рубля і даляра ад характару значных па аб’ёме экспартна-імпартных апэрацый, у якіх фігуравалі знаёмыя пэрсаналіі. Калі набіралася значная група тавараў для экспарту, дзе экспартэрамі былі блізкія да Саўміну асобы ці „вытворча-экспартныя аб’яднаньні“, <…>, на кароткі тэрмін усталёўваўся нізкі курс рубля, каб забясьпечыць большы чысты прыбытак коштам большай масы скупленых беларускіх рублёў на атрыманыя даляры ці закупкі адпаведнага тавару на беларускім рынку. Пры імпартных апэрацыях, дзе фігуравалі „важныя“ імпартэры, курс рубля адпаведна мог пры неабходнасьці ўзрастаць».
Аднойчы Садоўскі схапіў махляроў за руку. Начальнік упраўлення ў Міністэрстве знешнеэканамічных сувязяў, нехта П., у графе «цана за адзінку экспарту» перастаўляў коску на адзін знак улева, зніжаючы памер выручанай сумы ў дзесяць разоў.
«Гэтае ўпраўленьне займалася распродажам велізарных рэштак савецкага ўзбраеньня і часам атрымлівала дазвол „экспартнуць“ трошкі і цывільных тавараў — як шырспажыву для „апэратыўных выдаткаў“. Так побач зь верталётам мог аказацца і карбамід (азотнае ўгнаенне. — Заўв. рэд.). Вось у графе шырспажыву можна было пераблытаць коскі», — пісаў Садоўскі. Копіі накладных на тую здзелку ён канфідэнцыйна атрымаў з Брэсцкай мытні і запатрабаваў ад ураду пісьмовае тлумачэнне, прывёўшы звесткі пра цану карбаміду на еўрапейскіх біржах. Ужо праз гадзіну яго ўпрошвалі не падымаць шум і прапаноўвалі добрыя пасады.
У мемуарах экс-дэпутат прызнаваўся, што яго змаганне з чыноўніцкай карупцыяй прыносіла мала плёну. Ад кіраўнікоў Вярхоўнага Савета — што ад Мікалая Дземянцея, што ад Станіслава Шушкевіча, які таго змяніў, — ён адчувальнай падтрымкі не меў. Нават дэмакратычны Шушкевіч дзеля кампрамісаў з наменклатурай мог адмовіцца ад дамоўленасцей з апазіцыйнай часткай парламента. Напрыклад, так была пахаваная задума змясціць з пасады старшыню Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Кулакова за разбазарванне жыллёвых квот для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны (жыллё замест іх атрымлівалі «свае» людзі). Гэта было ўсё адно што змаганне з ветракамі.
У той жа час Садоўскаму было цікава заняцца знешняй палітыкай і гандлем на практыцы, да таго ж ён добра ведаў нямецкую мову, гісторыю і культуру Германіі. Таму калі тагачасны міністр замежных спраў Пётр Краўчанка афіцыйна прапанаваў яму стаць першым паслом Беларусі ў гэтай краіне, ён пагадзіўся.
Першы пасол
Стаўшы дыпламатам, Садоўскі страціў парламенцкія кіроўныя пасады, але дэпутатам і прадстаўніком апазіцыі застаўся. «Такое сумяшчэньне было пэўным непаразуменьнем пераходнага пэрыяду, бо паводле лёгікі і эўрапейскай практыкі я мусіў скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы і пайсьці працаваць выключна ў Міністэрства замежных справаў на дзяржаўную службу. У ведамстве фэдэральнага канцлера, у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны <…> доўгі час не маглі прывыкнуць, калі амбасадар Беларусі, закончыўшы выклад афіцыйнага пункту погляду Савету міністраў, казаў: „А зараз я хацеў бы выказаць меркаваньне апазыцыі ў Вярхоўным Савеце“», — згадваў Садоўскі.
Наладжваць працу пасольства Беларусі ў кансерватыўнай Германіі было няпроста. «Тады Захад вельмі асьцярожна і нават скептычна, калі не сказаць адмоўна, ставіўся да сувэрэнізацыі новых краінаў на Ўсходзе, пакладаючыся на геапалітычную стабільнасьць і разьвіцьцё дэмакратыі з апорай на ельцынскую Расею. Адпаведныя былі і настроі да ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў», — тлумачыў Садоўскі ў мемуарах.
Штат амбасады тады складаўся ўсяго з чатырох чалавек: самога Пятра, консула, першага сакратара і гандлёвага аташэ. На пасаду апошняга пасол знайшоў маладога спецыяліста Паўла Г.
«Маючы дыплём [маскоўскай] Акадэміі зьнешняга гандлю, добра ведаючы зьнешнеэканамічную спэцыфіку, ангельскую ды гішпанскую мовы, ён хутка авалодаў нямецкай і беларускай і адразу пачаў выдатна спраўляцца з апэратыўнымі задачамі. <…> Хлопец <…> прыблізна праз год пачаў працаваць „пад сябе“ і ў абыход карпаратыўнай і ўсялякай людзкай маралі дамаўляцца пра паслугі для менскіх высокіх чыноўнікаў, а потым — ужо ў прэзыдэнцкай Беларусі — насуперак усякім інструкцыям і палажэньням праз хаўрусаваньне з намесьнікам міністра [замежных спраў] Валерыем Цапкалам выцыганіў сабе пасаду першага сакратара [пасольства ў Германіі] і пачаў дасылаць у Менск неафіцыйную інфармацыю аб працы амбасады, — тое, што ў савецкай практыцы называюць „стучать“», — пісаў Садоўскі.
Тое прызначэнне ён ануляваў як незаконнае. Але новы кіраўнік МЗС Уладзімір Сянько пабаяўся сварыцца с Цапкалам, які тады быў фаварытам Лукашэнкі. А неўзабаве сам Садоўскі сышоў у адстаўку, так што малады і спрытны чыноўнік застаўся на сваім месцы.
«Цікава, што пазьней Павал Г., вярнуўшыся зь Нямеччыны ў Менск, заслужыў давер быць кансультантам па курсавой працы старэйшага прэзыдэнтавага сына», — адзначаў дыпламат. Магчыма, ён намякаў, што той дапамагаў Віктару Лукашэнка, які тады вучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ, пісаць курсавую, бо ў норме ніякіх «кансультантаў па курсавых» беларускія студэнты не маюць. Так ці іначай, хто быў гэты Павел Г., нам высветліць не ўдалося.
Бедныя суседзі Расіі
У пачатку працы ў Боне беларускае пасольства не мела ні офіса, ні транспарту, ні бухгалтэрыі, таму знайшло прытулак у былым савецкім пасольстве, якое перайшло Расіі. Усходнія суседзі здалі беларусам маленькі пакойчык і старэнькі «опель».
«Асноўнай крыніцай існаваньня для нас павінны былі стаць консульскія зборы. Мы штампавалі візы на шырокім падваконьні расейскага консульства. <…>. Потым расейцы дазволілі нам паставіць у фае свайго консульскага аддзелу маленькі столік з таблічкай „Візы ў Беларусь“, за якім сядзеў наш консул Васіль Марковіч. Тут адразу ва ўлоньні афіцыйнага сяброўства з расейцамі ўзьнікла элемэнтарная канкурэнцыя за „пагалоўе“: да нашага прыезду расейцы выдавалі візы і для Беларусі, у тым ліку і транзытныя. А цяпер штодня мы адбіралі ў іх значныя сумы. Бывалі дні, калі консульскія зборы перавышалі дзьве тысячы марак», — згадваў Садоўскі (тагачасныя 2 тыс. марак — гэта больш за 3 тыс. сённяшніх долараў ЗША).
Дзяліць пасольства з расіянамі было няпроста: немагчыма было застацца працаваць па-за афіцыйным часам, не было свайго памяшкання для прыёму канфідэнцыйнай інфармацыі. Дакументы, якія прыходзілі закрытай кур’ерскай поштай, пасол быў вымушаны пакідаць на захаванне ў спецыяльным пакоі, дзе беларусы мелі свой сейф.
«Я не сумняваўся, што дублікат гэтага ключа быў і ў расейскага боку. Праўда, супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў у нас у штаце ўжо не было, што я, напрыклад, бачыў у нашай місіі пры ААН у ЗША, калі там працаваў Генадзь Бураўкін. У мяне захавалася фатаграфія з другім сакратаром нашай аанаўскай місіі ў залі пленарных пасяджэньняў ААН каля таблічкі „Беларусь“. Праз тры гады я ўбачыў на экране тэлевізара таго былога другога сакратара, таварыша [Аляксандра] Кацёлкіна, але ўжо ў расейскай генэральскай форме. Ён займаў тады вялікую пасаду ў „Росвооружении“», — апісваў Садоўскі рэаліі постсавецкай дыпламатыі.
Наладзіць «побытавую» сітуацыю амбасады Садоўскаму дапамаглі яго кантакты ў Германіі яшчэ з часоў працы ў парламенце.
«Тры першыя месяцы езьдзіў бясплатна на шыкоўнай экспэрымэнтальнай „аўдзі“, якая была клясай ня горшая, чым „мэрсэдэс“ расейскага амбасадара. Такую сяброўскую, часткова і рэклямную, паслугу амбасадзе зрабіла фірма „Фольксваген/Аўдзі“ пры падтрымцы шэфа праектаў пэрспэктыўных мадэляў спадара Гёдэвэра, які на пачатку дзевяностых двойчы наведваў Беларусь», — адзначаў аўтар мемуараў. А пасля гэтага праз свае кантакты ён набыў для пасольства тры машыны па зніжаным кошце.
А вось знайсці ўласнае памяшканне для дыпмісіі дапамагла неймаверная ўдача.
У пачатку 1993 года Садоўскага запрасілі ў Кёльн на двухдзённую сяброўскую сустрэчу паслоў і дэпутатаў Бундэстага. Падчас неафіцыйнай часткі сярод бундэстагаўцаў завялося спаборніцтва, хто ведае больш нямецкіх народных песень (спяваць трэба было па чарзе па адной страфе). Амбасадарам прапанавалі ўдзельнічаць з песнямі іх уласных краін. Але Садоўскі, які добра ведаў нямецкую мову і фальклор, рызыкнуў паспаборнічаць з немцамі — і перамог. На сцэне ён адзначыў сваю праблему з будынкам — і ў выніку пасля гэтага нямецкія ўлады нарэшце далі Беларусі асобнае памяшканне для амбасады.
У Міністэрстве замежных спраў Садоўскаму потым далі, як ён выразіўся, «афіцыйнага прачуханца» за тое, што атрымаў рэзідэнцыю і машыны без кансультацый з начальствам — «хаця і зэканоміў роднай дзяржаве каля 100 тысяч марак».
Спусташэнне чатырох міні-бараў
Асобным раздзелам пасольскага жыцця былі шматлікія айчынныя чыноўнікі, якія, карыстаючыся адкрытымі пасля распаду СССР межамі, ахвотна і масава пачалі падарожнічаць у розныя краіны. І пры гэтым актыўна карысталіся службовым становішчам.
«Маючы ўжо сваю ня вельмі мазольную капейчыну і доступ да сьціплай валютнай казны, як кузуркі, са службовымі і нават дыпляматычнымі пашпартамі абляпілі замежжа. У пасольстве рэдка быў які тыдзень, каб ад высокіх начальнікаў зь Менску ці вобласьці не было званкоў ці факсаў з просьбай, рэкамэндацыяй ці нават патрабаваньнем паспрыяць, даць машыну, сустрэць, забясьпечыць перакладчыкам», — скардзіўся Садоўскі.
Нагадаем, ён меў у амбасадзе ўсяго трох работнікаў і тры машыны. Па словах пасла, яму каштавала вялікіх нерваў і нават хітрасці прывучыць усіх чыноўнікаў звяртацца ў Міністэрства замежных спраў і там рашаць падобныя пытанні. Даводзілася сварыцца, часам мацюкацца па тэлефоне — і гэта дапамагала. «Для мяне гэта не было надзвычайным здарэньнем, бо падобнай музыкі я ўжо наслухаўся ва ўладных кабінэтах», — прызнаваўся Садоўскі.
А вось і прыклад. ТАСІS (праграма Еўрапейскага саюза па спрыянні працэсу эканамічных рэформ на постсавецкай прасторы) фінансавала ў Берліне навучанне тэхнічных спецыялістаў у сферы тэлекамунікацый. Аднак з Мінску на курсы прыехаў не інжынер, а паплечнік Лукашэнкі Рыгор Кісель, які толькі-толькі, у жніўні 1994 года, пасля перамогі свайго патрона на выбарах, атрымаў пасаду начальніка Беларускага тэлебачання.
«Ніякай мовай не валодае. Прыязджае на два дні раней, бо так лётае самалёт. Гатэлю няма, сваіх грошай траціць ня хоча ці ня мае. Сядзіць галодны ў вэстыбюлі [гатэля] ў Бэрліне. Прымаю гістэрычны званок зь Менску зь Дзяржтэлерадыё: вырашыце пытаньне! Як?! МЗС таксама: „Падумайце і дапамажыце!“», — абураўся Садоўскі.
Дыпламат тады пазваніў у Берлін Васілю Лявонаву, які быў гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Германіі. Той пагадзіўся пасяліць Кісяля ў сябе да заезду ў гатэль.
У тым жа 1994 годзе здарылася яшчэ адна напаўкамічная гісторыя, калі з прэстыжнага берлінскага гатэля Maritim у пасольства прыйшоў факс «мэтры тры даўжынёй». Згодна з ім, пяць грамадзян Беларусі, сярод іх адзін член урада і два высокапастаўленыя чыноўнікі, за тры дні спустошылі чатыры міні-бары (аднаго піва выпілі 32 пляшкі), не разлічыліся за тэлефонныя размовы і зніклі. Дырэкцыя прасіла дапамагчы знайсці пастаяльцаў або коштам амбасады пакрыць выдаткі на суму каля 800 марак (амаль 1,2 тыс. сённяшніх долараў), пагражаючы ў адваротным выпадку звярнуцца ў Інтэрпол.
Садоўскі папрасіў у гатэля прабачэння і патэлефанаваў аднаму з віцэ-прэм'ераў. Паведаміў таму нумар банкаўскага рахунку і параіў тэрмінова перавесці грошы, інакш давядзецца паведаміць пра здарэнне ў Адміністрацыю прэзідэнта. Чыноўнік заплаціў вельмі хутка.
Пазней у тым годзе Пятра Садоўскага адклікалі з Германіі: новы прэзідэнт Лукашэнка, які нацэліўся ўзяць усю ўладу ў свае рукі, не хацеў, каб на дыпламатычнай пасадзе быў прадстаўнік апазіцыі.
Склаўшы паўнамоцтвы, экс-пасол быў вельмі здзіўлены: ён рыхтаваўся даць пісьмовую справаздачу пра дзейнасць амбасады ў Германіі, перадаць наладжаныя кантакты і свой досвед, каб далейшая праца ішла гладка. Аднак ніхто з прадстаўнікоў новай улады не палічыў патрэбным з ім сустрэцца.
Читайте также

